"Беларусбанк" запусціў іміджавую кампанію да свайго 100-годдзя
Нягледзячы на тое, што каляндарнае стагоддзе "Беларусбанк" адзначыць толькі 26 снежня гэтага года, шэраг актыўнасцяў запушчаны ўжо.

З гэтага тыдня ў шэрагу населеных пунктаў краіны жыхары ўжо могуць бачыць бігборды банка са слоганам «100 год. Заўсёды побач. Побач з кожным».

— Гэтай іміджавай кампаніяй, героямі якой сталі 5 розных па характары і родзе дзейнасці людзей (ад нефармальнай моладзі да актыўнага прадпрымальніка), — распавядае намеснік старшыні праўлення банка Алег Казарэдаў, — банк хоча падкрэсліць, што ва ўсе часы ён быў, ёсць і будзе народным, для кожнага, незалежна ад узросту, прафесіі, статусу чалавека. Думаю, многія беларусы ў гэтых героях пазнаюць сябе.

Важным элементам іміджавай кампаніі кіраўнік называе таксама зялёную хвалю, выкананую ў фірмовым колеры банка, якая нібы свеціцца, аб'ядноўваючы розных людзей і банк.
На гэты год банк запланаваў выпуск лімітаваных серый плацёжных картак з дызайнам, прысвечаным 100-гадоваму юбілею, і стварэнне для кліентаў інтэрактыўнай экскурсіі па гісторыі банка з прымяненнем тэхналогіі QR-кода.

Моладзь банк плануе цешыць у сваіх сацыяльных сетках. Маскі, стыкеры, розыгрышы, квэсты — гэтыя і шмат іншыя актыўнасці дапамогуць стварыць святочны настрой для кожнага падпісчыка.

— Не будзем раскрываць усіх нашых ідэй і задумак, — кажа намеснік старшыні праўлення банка Алег Казарэдаў. — Хочацца, каб яны сталі прыемным сюрпрызам для грамадскасці. Сачыце за нашымі навінамі, удзельнічайце ў актыўнасцях і далучайцеся да святкавання векавога юбілею. Такое ж бывае толькі раз!